СУСВЕ́ТНАЯ СІЯНІ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (ССА). Створана ў 1897 па ініцыятыве Т.Герцля. Да 1960 наз. Сіянісцкая арганізацыя. Кіруе сіянісцкім рухам (гл. Сіянізм) у дыяспары, садзейнічае дзяржаве Ізраіль у развіцці і засяленні краіны яўр. імігрантамі. Складаецца з тэрытарыяльных арг-цый, якія аб’ядноўваюць удзельнікаў сіянісцкага руху ў асобных краінах. Вышэйшы орган ССА — Сіянісцкі кангрэс, які склікаецца раз у некалькі гадоў; да 1946 кангрэсы адбываліся ў розных гарадах Еўропы, потым у Іерусаліме. Паміж кангрэсамі ССА кіруе Выканаўчы к-т на чале з праўленнем. Органамі ССА з’яўляюцца Трыбунал кангрэса, Яўрэйскае агенцтва і інш. З пач. існавання вяла прапагандысцкую і практычную дзейнасць па адстойванні тэзіса аб адзінай яўр. нацыі, змагалася супраць асіміляцыі яўрэйства ў дыяспары, арганізоўвала перасяленні ў Палесціну (потым у Ізраіль). У пач. 20 ст. дзейнічала на тэр. Рас. імперыі (у т. л. на Беларусі) праз сетку сіянісцкіх арг-цый (Гехалуц, Паалей Цыён, «Сіянісцкая сацыялістычная партыя» і інш.).
т. 15, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)